Віншуем па-беларуску

Вясельныя тасты маладым



Жадаю нашым маладым, каб доўга не спалі, рана ўставалі, добра працавалі, адзін аднаго кахалі і сваіх ніколі не забывалі!
Жадаю здароўя маладым у ручкі, у ножкі і пасярэдзіне трошкі!
Жадаю вам здароўя, а нам багацця!
Жадаю піць з рога, каб дзяцей было многа!
Жадаю пары маладой шчасця, долі, хлеба ўволю, золата бочку, сына і дочку, зялёнага дуба, каб жылі люба!
Жывіце добра і сумленна, і будзе мора па калена!
Жывіце заўсёды з хлебам-соллю, з шчасцем-доляй, з добрым здароўем!
Жывіце, пажывайце ды дабро нажывайце!
Век жывіце ў радасці, не адчувайце старасці!
Радасці вам поўна, і жывіце так, каб вам зайздросціў багаты і бядняк!

            *     *     *

Жывіце стагоддзе ў міры і згодзе!
Каб дзяды не ведалі бяды, а ўнукі не бачылі мукі!
Каб вы заўсёды жылі з каханнем, бо каханне - гэта зорка, якая ніколі не гасне!
Каб добра жылося, вялося, любілася і весялілася!
Каб жылося і вялося, хацелася і маглося!
Каб ваш ложак рыпаў, рыпаў, а праз год сыночак выпаў, а праз два гадочкі выпала каб дочка!
Каб ваш ложак скрыпаў і да году сынок выпаў!
Каб твой ложак рыпаў, рыпаў, а праз год дзіця паклыпаў!
Каб доўгія гады жылі, каб здаровыя былі і на нас не забываліся!
Каб жылі, пажывалі і ніколі гора не спазналі!

            *     *     *

Каб у нашых маладых было многа дочак і сынкоў, радасных дзянькоў, каб праўнучкаў дачакалі ды гора не зналі!
Каб вас бяда кінула ды ліха мінула!
Каб у вашым дамочку, у вашым хлявочку, у вашым садочку ўсё радзіла і пладзіла!
А каб вы здаровы былі, добра елі і пілі!
Каб быў здароў, вялікі рос і ўсім шчасця прынёс!
Каб дзеткі раслі і моцнымі былі!
Каб былі багатыя, як восень, вясёлыя, як вясна, а семяністыя, як вярба: дзе ні садзіш, — расце!
Каб жылі багата, як восень, каб былі красны, як вясна, а дужы, як вада, каб разам усё жыццё ішлі, шчасце-долю сабе знайшлі!
Каб ты быў крэпак, як вада, багаты, як зямля, вясёлы, як пчала, і красен, як вясна!
Каб былі вы багаты, як край родны, і жылі дружна, згодна, каб адзін другога шанавалі і нас, старых, не забывалі!

            *     *     *

Каб быў здаровы, як дуб скарбовы!
Каб спадынька рана ўставала, усім есць давала і да работы не ленавала!
Каб на вашу долю бог усяго паслаў уволю!
Каб у хаце вашай было ўсяго дужа, каб гаспадарку маглі трымаць і другім дапамагаць!
Каб ніколі не хварэлі, а з кожным годам прыгажэлі!
Каб мір і згода былі ў вас, каб не было ніколі сваркі, біце на шчасце чаркі!
Каб дзеткі з унучкамі часта прыязджалі, бабку з дзедкам пацяшалі!
Каб елася, пілося і ўсё ў хляве вялося!
Каб у цябе было шмат грошай, кватэра, машына, а потым ты прачнуўся!
Каб здаровыя былі, капялюшом гарэлку пілі!

            *     *     *

Каб былі маладыя здаровыя, як вада, багатыя, як зямля, вясёлыя, як салавейка, лёгкія, як верабейка!
Каб былі здаровымі, як зіма, прыгожымі, як вясна, рабочымі, як лета, а багатымі, як восень!
Каб пілося, елася і яшчэ хацелася!
Каб пілося, елася і яшчэ чаго іншага хацелася!
Каб былі вы багатыя, як край родны, і жылі дружна, згодна, каб адзін аднаго, як малога, шанавалі і нас, старую і старога, не забывалі.
Каб жыў сто лят і меў сто хат, залатую бочку, дванаццаць сыночкаў і адну дочку!
Каб быў у вас заўсёды лад, жывіце шчасліва, багата, каб пракурор і адвакат міналі вашу хату!
Каб нявеста была багата і спераду гарбата!
Каб у вашай маладой хаце сала кубламі вялося!
Каб вашы дзеткі, Алеські і Светкі, раслі, расцвіталі, як кветкі, усё ўмелі, усё зналі і родную мову не забывалі!