Віншуем па-беларуску

Віншаванні і пажаданні на Вяселле



Сягоння, у дзень вясельны ўрачысты,
Мы просім: “Лёс, дай нашым маладым,
Каб, нібыта шампанскае, іскрыстымі
І шчасцем хмельнымі былі ўсе іх гады”!

Усё так смачна і прыгожа за сталом,
Ды толькі сёння падвяло адно:
Заўсёды гэткае салодкае было,
Цяпер жа – вельмі горкае віно...
Горка!!!
Валянціна Гіруць-Русакевіч

            *     *     *

Ой хадзіце, маладзенькія, прысядзьце
Ды на кажушок на наш калматы,
Каб было ў сямейцы вашай шчасце,
Каб жылі заможна вы, багата.

Каб былі багаты і на дзетак,
Каб заўсёды грэла вас каханне.
Седзячы на кажушку на гэтым,
Загадайце -- збудуцца жаданні!
Валянціна Гіруць-Русакевіч

            *     *     *

Няхай будзе сям’я на “пяцёрку”
(Ці – “дзесятку” цяпер) аж да “золата”.
Сёння госці вам скажуць: “Горка!”,
Па жыцці каб было – толькі соладка!
Валянціна Гіруць-Русакевіч

            *     *     *

Вясельная песня

Заручальныя ззяюць пярсцёнкі
Непрывычна яшчэ на руках,
І цяпер вы ўжо мужам і жонкай
У сямейны свой пойдзеце шлях.

Прыпеў:
Вам самім гэты шлях вышываці,
Дбаць абодвум: ён будзе якім.
Хай жа кветкі кахання і шчасця
Аздабляюць сямейны кілім.

Не шкадуйце любові і ласкі
Вы адно аднаму і цяпла,
У пару каб з дзіцячай каляскай
Ваша пара шчасліва ішла.
Прыпеў.

Ну а колькі ўжо будзе ў суме
У сям’і ў вас – самім вырашаць,
Толькі ў радасці, як і ў суме –
Вы жылі ў душу каб душа.
Прыпеў.

Валянціна Гіруць-Русакевіч

            *     *     *

Умець кахаць – вялікі дар прыроды.
Не кожнаму даецца гэты дар,
Каб несці цераз буры і нягоды
Ў душы любові залаты пажар.

Вам, ....... і ........., мы жадаем
Свае пачуцці захаваць навек,
Заўжды каб падаваўся лепшым самым
Цяпер абраны вамі чалавек.

Няхай жыццё ў вас будзе яркім, светлым,
А суму і хмурынак – як найменей,
Каб цешыцца адно другім і дзеткамі(!),
Жыць у любові і паразуменні.

Двух лёсаў сёння сталася з’яднанне,
Каб разам ткаўся ўжо жыццёвы шлях.
Няхай для вас ён светлым, зорным стане,
Бо вы – сям’я, шчаслівая сям’я!
Валянціна Гіруць-Русакевіч