Віншуем па-беларуску

Віншаванні і пажаданні на Вяселле



Не дубок пры ніўцы ў гаі,
Не ў лузе лілейка, —
Малады тут засядае
З сваёй дабрадзейкай.

Хто уцеху ўсю іх пойме,
Што ў душу ім льецца,
Хто спазнае, хто пяройме
Думкі наважэнцаў?

Сышла радасць на абое,
Бачыць сэрца сэрца,
Міла шчасце залатое
Сцелецца каберцам.

З госцяў кожны віншаванне
Гладкім слоўцам кіне,
Маё простае жаданне
Так жа хай не згіне.

Жычу меці, як нікому,
Жычу я ахвоча,
Маладой і маладому
Ўсё, што толькі хочуць.

Згоду ў хатцы, спор у хатцы,
Гонар між людзямі,
I ў які год дачакацца
Забавы з кумамі.

У салодкім у каханні
Вечна варкаваці
I не знаць, чым ёсць расстанне,
Злых прыгод не знаці.

Няхай век вам не ўбывае
У жыцці сонца, кветак...
Малады і маладая,
Жывіце сто летак!

Я так жычу, так віншую
I не лгу, здаецца, —
Хто мілуе, хто цалуе,
Усяго спадзяецца.
Янка Купала

            *     *     *

Вяселле ў зале гуляе, віруе.
Мы шчыра віншуем Максіма і Юлю.
Жаніх такі ладны, прыгожы, шчаслівы.
Ў дзяцінстве, здаецца, дык быў сарамлівы.
А побач нявеста, як зорачка, ззяе
І позіркам ясным на ўсіх пазірае.
Жывіце ў шчасці, жывіце ў згодзе.
Хай гора-бяда ваш парог абыходзяць.
Бацькоў паважайце, часцей прыязджайце.
Адзін аднаму сумаваць не давайце.
Хай бусел у госці хутчэй прыляціць
І смехам дзіцячым ваш дом загучыць.

            *     *     *

Каб жылі багата, як восень,
Каб былі прыгожы, як вясна,
А душы, як вада,
Каб разам усё жыццё ішлі,
Шчасце-долю сабе знайшлі.
(З народнага)

            *     *     *

Дару абразам, каб жылі да смерці разам.
Дару абрус вам новы, каб былі вы здаровы.
Дару абцугі, каб ніколі не раслі рагі.
Дару агурок, каб сын рос як дубок.
Дару акрайчык, каб быў сын Мікалайчык, а яшчэ і скарыначку, каб была дачка Кацярыначка.
Дару аладкаю, каб жонка была гладкаю.
Дару вам аловак, каб у хаце быў натоўп дзіцячых галовак.
Дару дзве анучы, каб усё жыццё былі ў кучы.
Дару апілкі, каб першы сын быў асілкам.
Дару арэшак, каб праз год быў Алешак.
Дару аўса дзве жмені, каб грошай было поўныя кішэні.

            *     *     *

Жадаю я табе, Алена,
Каб ты ў кожным годзе
Цвіла, як мак у агародзе.
Не адставала ты ад моды,
Нягледзячы на ўсе расходы.
Да мужа мела трохі ласкі,
А ён за гэта купіць краскі.
Малюй ты вусны, шчокі, бровы
У выгляд рознакаляровы.