Віншуем па-беларуску

Віншаванні і пажаданні на Вяселле



У вяселля дзень урачысты
Наша шчырае вам пажаданне:
Хай нязгасна у небе чыстым
Свеціць ваша зорка Кахання.
Разуменне, пяшчота, спагада
Будуць з вамі няхай заўсёды.
Усё пароўну дзяліце разам –
І дзень сонечны, і непагодны.
Пачуццё ваша папараць-кветкай
Хай цвіце і тады, як сягоння,
Калі часу пражытага меткай
Сівізна прыцярушыць скроні.
А яшчэ ад душы жадаем,
Каб утульнага дома куточкі
Смехам-гоманам абуджалі
І дачушачкі, і сыночкі.
То са Шчасцем вас, маладыя,
Беражыце Кахання зорку.
Мы вясельныя чаркі ўздымем
За жыццё ваша светлае.
Горка!
Валянціна Гіруць-Русакевіч

            *     *     *

Мы маладым у іх каханні
Гадоў жадаем маладых.
Каб іх сям’я на мель не села
І каб адчай не біў пад дых.
Каб як кахаюць - так кахалі
І каб ліхой бяды не зналі!
(З народнага)

            *     *     *

Няхай жыццё цвіце вам макам,
Няхай душа душу вядзе,
А шлях для вас - абрусам мяккім
Па сушы сцелецца ў вадзе.
Няхай і ўзімку сонца грэе,
Хай бусел дзетак прынясе,
Няхай ніхто з вас не старэе,
А харашэе пакрысе.

            *     *     *

Пярсцёнкі, вэлюм і вяселле,
І вокліч “Горка маладым!”
Хай успаміны, нібы зелле,
Зноў памалодзяць вам гады!

            *     *     *

Хай светлым жыццё будзе ваша!
Шырокай дарогай
Ісці па жыцці вам,
Адзін для другога
Быць лепшым, адзіным.
Каханне і вернасць,
Як моцныя крылы,
Вам шчасця адмераць
І радасць адкрыюць.
І згода, і шчырасць,
Як яркія зоркі.
Хай соладка стане,
Як зробіцца горка.
Дабра і здароўя
Сям’і дружнай вашай.
Шчаслівай дарогі,
Яўген і Наташа!