Віншуем па-беларуску

Вясельныя тасты маладым



Каб вашы дзеткі раслі, як у полі кветкі!
Каб любіліся, як галубкі ў гняздзечку!
Каб было ў гумне цёмна, у хляве поўна, і ў місцы, і ў лыжцы, і ў калысцы!
Каб жыла заўсёды ў шчасці, каб умела шыць і праці, каб умела добра ўкрасці, бо ў свякрухі такая ўласць: як не возьмеш - сама не дасць!
Каб працягнуць да ста, вы жывіце так - спраста!
Каб лад быў у вашай хаце, заўсёды было ў місцы і ў калысцы!
Каб у вас у кішэнях і звінела, і шамацела, а за сталом каб булькала!
Каб жыццё было багатым, падайце, кухарачкі, паболей курапатак!
Каб здаровыя былі і многа грошай зарабілі, каб многа дзетак накупілі: што куточак, то сыночак, а за печчу – восем дочак!
Каб было ў вас столькі сынкоў, колькі ў лесе пянькоў!

            *     *     *

Каравай прымаю і вас вітаю: каб жылося, каб вялося, каб пладзілася, а з бутэлькі каб лілося - не цадзілася, каб гэтак жыццё пражывалі, як гарэлку распівалі!
3'ямо паболей мёдзіку, каб пчолкі вяліся ў гародзіку!
Повары! Нясіце свіныя голавы, каб і пасля вяселля ўсе смачна елі!
Сыпце на маладых жытцо, каб у іх было добрае жыццё!
Сыпце на маладых жыта з яру, каб ім добра жылося ў пары!
Дарагія два сэрцы! Вас каханне звяло, каб усё ваша жыццё мядовым было!
За маладых Бога прасіце, каб нашы маладыя жылі леты доўгія, каб Бога кахалі, адно другога шанавалі!
Харошыя вы людзі, але каб такіх многа сеялі, ды мала ўзыходзіла!
Колькі ў моры-акіяне жоўтага пяску, столькі шчасця я жадаю на вашым вяку!
Колькі ў тыдні ночкаў, столькі вам дочкаў, колькі ў лесе пянькоў, столькі вам сынкоў!

            *     *     *

Колькі ў лесе дубкоў, каб столькі было дочак і сынкоў!
Колькі ў хаце вугалочкаў, каб столькі было сыночкаў!
Колькі ў хаце сталоў, колькі ў сталах дошчачак, каб столькі было сыноў і дочачак!
Колькі ў вас у хаце фортачак, столькі няхай будзе і мордачак!
Колькі ў хаце шчэлачак, столькі каб было дзевачак, колькі сучкоў, столькі сынкоў!
Колькі ў гэтай хаце сталоў, а ў іх дошчак, каб столькі было сыноў і дочак!
Колькі ў моры-акіяне салёнай вады, столькі шчасця вам жадаю на ўсе гады!
Няхай валасы вашы пасівеюць на адной падушцы!
Хай зорка ззяе ўсё ярчэй, дваім будзе жыць лягчэй!
Хай шчасце вашу хату не мінае, каханне хай не пакідае, здароўя вам, павагі, весялосці жадаем мы і нашы госці!

            *     *     *

У гэты святочны дзень серабрыстым віном хай напоўняцца вашы бакалы, жыццё не здаецца сном! I хай будзе так, як марылі. Каб гора і смутак за плячыма засталіся! Каб было шчасце ў руках, а смех на вуснах! I радасць хай будзе ў вашых вачах!
Хай сямейнае шчасце адзавецца рэхам - дзіцячым смехам!
Хай расцвітаюць у лугах званочкі для вашай прыгажуні дочкі!
Хай не патухне ніколі кахання шчаслівая зорка! Хай будзе соладка вам заўсёды, ну а сёння - горка!!!
Хай увосень бульба ўродзіць, а ўзімку маладая народзіць!
Хай цёмная ночка прынясе вам і сына і дочку, а светлы дзянёчак - радасці кусочак!
Хай зорка ззяе ўсё ярчэй, дваім хай будзе жыць лягчэй!
Хай сонейка ззяе вам вечна над хатай! Вы будзьце шчаслівы, здаровы, багаты!
Хай будзе столькі гора ў вашай хатцы, колькі кропель застанецца ў гэтай чарцы!
Гады хай ідуць - галава не сівее, унукі растуць, а твар маладзее!

            *     *     *

Хай у кожнага будзе столькі гора, колькі застанецца кропель у вашых чарках!
Хай тваёй жонцы належыць апошняе слова, а не апошні рубель!
Хай шчасце не абыдзе вас, а дзетак будзе цэлы клас!
Як у пярсцёнка няма канца, так і ў вашым жыцці хай не будзе канца!
Шаноўныя маладыя! Вашы пярсцёнкі з каштоўнага металу не маюць канца. Дык няхай жа і каханне ваша не мае канца!
Хай кожны дзень і кожны час у жыцці ўсё будзе гладка, і не забудзьцеся пра нас, хай будзе ўсё ў парадку!
Хай жыта родзіцца, скаціна плодзіцца, хлопцы знаходзяцца, скарбы водзяцца!
Няхай сталы ломяцца ад смакаты, а ложак — ад кахання!
Няхай жыве і пасецца беларуская птушка бацян!
Дарагія маладажоны, хай будзе саюз ваш навек зберажоны, жывіце здаровы, адзін аднаго любіце і нас не забывайце!