Віншуем па-беларуску

Дарэнні і зычэнні Маладому

Маладой    Маладому    Маладым



Дару абаранкам, каб малады не начаваў пад ганкам.
Дару абразок, каб малады не любіў другіх дзявок.
Дару пад абразы каб малады маладую пацалаваў тры разы.
Дару авёс, каб замест цесця цёшчы пападаў у нос.
Дару агурок (гурок), каб малады не хадзіў да (не пазіраў на другіх) дзявок.
Дару агурэц, каб добра стаяў канец.
Дару аловак, каб малады маладую пацалаваў у падолак.
Дару апяткі, каб малады маладую пацалаваў у пяткі.
Дару бабра, каб жонка была дабра (адна).
Дару барвінок, які пад плотам уецца, няхай малады да маладой хінецца.

            *     *     *

Дару батон, каб не лавіў варон.
Дарую бічам, каб пры патрэбе жонку цвічыў.
Дару боты на абцасах, каб не быў да дзевак ласы.
Дару бочкай, каб заўсёды ў хаце начаваў ночкай.
Дару брукі, каб жаніх узяў нявесту на рукі.
Дару булаўку, каб малады маладую паставіў на лаўку, а цяпер дару палена, каб малады маладую пацалаваў у калена.
Дару булачку, пасыпаную мукою, каб малады не бегаў за другою.
Дару бурак, каб малады не быў дурак.
Дару бураком, каб малады не быў дураком.
Дару маладому бурак, каб ён маладой не ставіў сіняк.

            *     *     *

Дару бураком, каб не называў цесця дураком.
Дару бураком, каб не быў у цёшчы пад каблуком.
Дару воз буракоў, каб малады не хадзіў да другіх дзяўкоў.
Дару буракоў, каб жонка не глядзела на чужых мужыкоў.
Дару буханкаю, каб называў цёшчу мамкаю.
Дару табе бэз, каб ты на чужых жонак не лез.
Дару галінку бярозы, каб быў заўсёды цвярозы.
Дару венік з бярозы, каб малады прыходзіў цвярозы.
Дару елку і бярозу, каб малады хадзіў цвярозы.
Дару грошы з-пад бярозы, каб мужык прыходзіў дадому цвярозы.

            *     *     *

Дару вадою, каб быў толькі з сваёю і не пераблытаў з чужою.
Дару збанок вады, каб разумны быў малады.
Дару табе вазу, каб не біўся ні разу.
Дару шматок ваты, каб заўсёды быў багаты.
Дару бярозавую ветку, каб малады маладую цалаваў метка.
Дару віламі, каб ніколі не быў з рагамі.
Дару вілкаю, каб жонка была мілкаю.
Дару бутэльку віна, каб жонка была толькі адна.
Дару табе вудзіла, каб жонка гуляць не хадзіла.
Дару вярбою, каб малады не глядзеў за другою.

            *     *     *

Дару вяроўку, а з ёй і кароўку, і зялёную рошчу, каб зяць пацалаваў цёшчу.
Дару табе галіну, каб не глядзеў на другую дзяўчыну.
Дару гарбату, каб мужык не быў рагаты.
Дару гарбуз таўставаты, каб твая жонка штолета была трыбухата.
Дару гарох, каб мужык жонку бярог.
Дару бутэльку гарэлкі, каб малады заўсёды мыў талеркі.
Дарую грошы, каб малады быў харошы.
Дару грошы на гармоню, каб малады маладую ўзяў як півоню.
Дару грошы з-пад падрубы, каб малады маладой дай буські ў губы.
Дару грошы з-пад падрубы, каб малады да маладой не быў грубы.