Віншуем па-беларуску

Дарэнні і зычэнні Маладому

Маладой    Маладому    Маладым



Дару грошы, каб цесць быў харошы, дару гарбату, каб меў цёшчу багату.
Дару грошы мяты, каб малады не хадзіў гарбаты.
Дару грошы ў трубачку (трубкай), каб малады пацалаваў маладую ў <верхнюю> губачку (у губку).
Дару грушу, каб жонку любіў як душу.
Дару грэбень, каб з работы прыходзіў як трэба.
Дару грэчку, каб малады не бегаў да другой за рэчку.
Кладу грошы на гусі (гускі), каб малады маладой даў бусі (буські).
Дару з цукру гусі і хачу, каб малады маладой даў бусі.
Дару табе дзве гусі, каб цёшчу называў мамусяй.
Дару вагон грэчкі, каб малады касіў, а на другі год на хрысціны запрасіў.

            *     *     *

Дару даёнкаю, каб не жыў (не спаў) з чужою жонкаю.
Дару дайніцай, каб не заглядаў пад чужыя спадніцы.
Дару дайніцаю, каб часцей быў пад спадніцаю.
Дару дайнічкаю, каб не хадзіў за другою спаднічкаю.
Дару дваццатку, каб малады пацалаваў маладую ў пятку.
Дару табе дзеркача, каб цёшча купіла «Масквіча».
Дару дзесятку, каб малады маладую пацалаваў у пятку.
Дару воз дроў, каб малады з работы ішоў дамоў.
Дару дубок, каб малады на маладую не тачыў зубок.
Дару дугою (замок з дугою), каб малады не гуляў з другою.

            *     *     *

Дару дугой (лазой), каб малады не бегаў (не лётаў) за другой.
Дару дугою, каб ноччу не даваў жонцы спакою.
Дару табе дугу, каб расказваў жонцы ўсё як на духу.
Дару дугу, каб малады пацалаваў цёшчы нагу.
Дару дукаты, каб мужык пільнаваўся хаты.
Дару дукаты, каб не ганяў жонку вакол хаты.
Дару дукаты, каб зяць не ганяў цёшчу кругом хаты.
Дару табе <сажалку> жаб, каб не глядзеў на чужых баб.
Дару жар-пціцу, каб малады любіў маладзіцу.
Дарым табе жыта, сабранае з сямі палётаў, каб ты, зяцёк, добра гаспадарку вёў.

            *     *     *

Дару зайца, каб малады прыстараўся добрага хлапца.
Дару адзін залаты, каб малады не чапляўся на чужыя платы.
Дару замок, каб не хадзіў да дзявок.
Дару запалкі, каб малады ставіў добрыя палкі.
Дару запонкамі, каб не хадзіў за другімі жонкамі.
Дару зерне, каб муж быў верным.
Дару інстурментам, каб ніколі не плаціў аліментаў.
Дару кавалак хлеба з цеста, каб малады пацалаваў цесця.
Дарую дзве белыя казы, каб у твае жонкі не было слязы.
Дару кальцом, каб малады быў малайцом.

            *     *     *

Дару Канары, дзе я не бываў, каб малады маладую шанаваў.
Дару канфеткі, каб не хадзіў да суседкі.
Дару табе каня, каб не сварыўся ні дня.
Дару капеечкай, каб малады не бегаў за суседачкай.
Дару капейкамі, каб не бегаў за чужымі дзеўкамі.
Дару капейку, каб малады маладую паставіў на скамейку.
Дару капейку, каб малады стаў на скамейку, дару другую, каб пацалаваў маладую.
Дару капейку, каб малады не цягнуў моцна гарэлку.
Дару капейкай, каб не бегаў за гарэлкай.
Дару капейку, каб радзей заглядаў у бутэльку.